Кібэрпартызаны расказалі пра кібэрбомбачкі

0
11

Кібэрпартызаны расказалі пра кібэрбомбачкі

Яны будуць актываваныя ў момант Х.

Год таму ў Беларусі зьявіліся «Кібэрпартызаны». Гэтая ананімная група пачынала зь бяскрыўднай замены выяваў на афіцыйных сайтах і публікацыі сьпісаў сілавікоў. Цяпер яны ўзломваюць дзяржаўныя сэрвэры, атрымліваючы доступ да службовай і сакрэтнай інфармацыі.

Адразу пасьля зьяўленьня «кібэрпартызаны» абвясьцілі, што падтрымліваюць пратэстоўцаў у краіне, і агучылі тры свае задачы: шукаць інфармацыю пра сілавікоў, чыноўнікаў і іх злачынствы, паказваць «гнілую» сутнасьць рэжыму, і, нарэшце, каб Лукашэнка пакінуў Беларусь.

Напрыканцы ліпеня «кібэрпартызаны» анансавалі шматузроўневую спэцапэрацыю «Жара». Яны ўзламалі шэраг базаў дадзеных МУС, атрымалі доступ да базаў «АІС пашпарт», службы 102 (экстраныя званкі ў міліцыю), упраўленьня ўласнай бясьпекі МУС, ДАІ і сэрвэру зь відэазапісамі дронаў МУС. Іх спэцапэрацыю называюць ня толькі найбуйнейшай хакерскай атакай у гісторыі Беларусі, але і самым пасьпяховым узломам дзяржаўных сыстэм ад 2015 году, калі кітайскія хакеры ўзламалі сэрвэры Ўпраўленьня кадравай службы ў ЗША.

Пра сябе і сваю дзейнасьць кібэрпартызаны на ўмовах ананімнасьці расказалі ў інтэрвію Свабодзе праз інтэрнэт-мэсэнджар.

«Узломам сетак і базаў дадзеных займаюцца ў асноўным 3–4 „кібэры“»

— Хто вы такія? Вялікая група ці адзін чалавек?

— У нас ёсьць маленькі касьцяк адмінаў і яшчэ прыкладна 15 валянтэраў. Усе з галіны IT, прафэсійных «хакераў» у нас няма, усяму навучыліся на хаду. Узломам сетак і базаў дадзеных займаюцца ў асноўным 3–4 «кібэры», плюс яшчэ 3–4 на базавым узроўні. Астатнія распрацоўваюць аплікацыі або сайты, а таксама займаюцца аналізам і апрацоўкай дадзеных.

— А што стала імпульсам для вашай дзейнасьці год таму?

— Мы ўсе былі шакаваныя жорсткімі паводзінамі рэжыму ў жніўні 2020-га і незалежна адзін ад аднаго вырашылі што ня можам застацца абыякавымі. Наш першы адмін, так званы заснавальнік, 3 верасьня ўзламаў сайт кіраўніка спраў прэзыдэнта, 4 верасьня дадаў у сьпіс вышуку на сайце МУС Лукашэнку і Караева, а потым 5 верасьня абвясьціў усім пра нашу групу на сайце Гандлёва-прамысловай палаты. Там ён разьмясьціў загадку, і той, хто яе адгадаў, атрымаў эмэйл-адрас, па якім можна было зьвязацца зь ім. Так мы пазнаёміліся адзін з адным, і сфармаваўся невялікі касьцяк кібэрпартызан.

— На пачатку вашай актыўнасьці вы проста мянялі застаўкі афіцыйных сайтаў, не публікуючы сур’ёзнай інфармацыі. Тады многія засумняваліся ў вашай кампэтэнтнасьці. Чаму вы раней не рабілі такіх гучных апэрацый, як «Жара»?

— Мы і раней рабілі апэрацыі пранікненьня ва ўнутраныя сеткі рэжыму, напрыклад, узлом органаў прымусовага выкананьня і Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнту. Таксама ёсьць падобныя апэрацыі, якія яшчэ рана раскрываць. Апэрацыі дывэрсійнага характару мы раскрыем толькі тады, калі наблізімся да моманту Х.

ЧИТАТЬ ТАКЖЕ:  Путч во время чумы

Калі людзі бачаць вынікі «Жары», але ня бачаць яе падрыхтоўкі, то можа падацца, што мы, маўляў, проста вырашылі ўзламаць і на наступны дзень узламалі. Гэта далёка ад праўды. Апэрацыі, як «Жара», мы рыхтуем месяцамі, да некаторых зь іх мы пачалі падрыхтоўку ўжо ў 2020 годзе. І да гэтага часу яшчэ ня скончылі. У апэрацыі «Жара» таксама была неабходнасьць фізычна пракрасьціся на абʼекты рэжыму і адкрыць пункты ўваходу ў сетку. Такія апэрацыі складаныя, рызыкоўныя і, як правіла, шмат часу ідзе на падрыхтоўку.

— Вы маеце на ўвазе, што хтосьці ці то з МУС, ці з вас адкрыў вам доступ знутры МУС?

— Дакладна, але з МУС нам ніхто не дапамагаў.

«Высокакваліфікаваныя IT-шнікі ўжо, мабыць, не гатовыя працаваць на рэжым»

— Як вы ацэньваеце сыстэму кібэрабароны ў дзяржаўных структурах?

— У сілавых структурах кібэрбясьпека закінутая. Сетка МУС была распрацаваная даўно, у ёй дастаткова шмат састарэлых тэхналёгій, у якіх ёсьць уразьлівасьці. Высокакваліфікаваныя IT-шнікі ўжо, мабыць, не гатовыя працаваць на рэжым, і ў выніку існуе жудасны дэфіцыт кадраў. Аўтсорсінг, мабыць, не варыянт, бо староньнім кампаніям складаней давяраць. Ёсьць шанец, што там будуць людзі, гатовыя з намі супрацоўнічаць.

— Ці адчувалі вы сябе ў небясьпецы, што вас могуць раскрыць беларускія спэцслужбы?

— На пачатку нашага шляху мы пастаянна адчувалі, нібыта вось-вось нас раскрыюць спэцслужбы. Год ужо прайшоў, і ім дагэтуль не ўдалося. На дадзены момант мы прымушаем рэжым абараняцца, мы надыходзім, і гэта прымушае іх канцэнтраваць асноўную частку сваіх кібэрпрафэсіяналаў на абарону, а не на атаку. Мы ўсё роўна вельмі акуратныя, прытрымліваемся ананімнасьці, пастаянна мяняем паролі і ключы, IP-адрасы і да т. п.

— Ці зьбіраецеся вы публікаваць усё, што ўдалося атрымаць з сэрвэраў дзяржаўных установаў?

— Мы ні ў якім разе не зьбіраемся публікаваць усе дадзеныя. Большая частка дадзеных тычыцца мірных грамадзян, якім мы ня хочам нашкодзіць.

«Офіс Ціханоўскай і НАУ вырашылі не супрацоўнічаць з намі афіцыйна»

— Ці супрацоўнічаеце вы зь нейкай палітычнай ці грамадзкай арганізацыяй? Ці вашая дзейнасьць цалкам апалітычная?

— Мы супрацоўнічаем амаль з усімі пратэставымі арганізацыямі, дзеячамі, ініцыятывамі, а таксама са СМІ і тэлеграм-каналамі. Нашыя дзьверы заўсёды адчыненыя для тых, хто супраціўляецца рэжыму. Нашая дзейнасьць ужо выйшла за рамкі кібэрпрасторы, бо мы зразумелі, што выключна кібэратакамі рэжым ня зрынуць. У рамках руху «Супраціў» мы рыхтуемся да Моманту Х, таму ўзьнікла неабходнасьць палепшыць нашыя сувязі з грамадзтвам, а таксама зь іншымі арганізацыямі і палітычнымі рухамі. У нас няма палітычных амбіцый, але мы ўсьведамляем, што без палітычнага прадстаўніка вельмі складана дасягнуць дамоўленасьцяў, удзельнічаць у публічных выступах і кантактаваць з грамадзтвам. Таму мы вылучылі палітычнага прадстаўніка «Супраціву», Дзьмітрыя Шчыгельскага.

ЧИТАТЬ ТАКЖЕ:  Люди в белых халатах — на стороне свободы

— Вы ўвайшлі ў абʼяднаньне «Супраціў» разам з Дружынамі народнага супраціву і ініцыятывай «Буслы ляцяць». Чаму менавіта яны?

— З «бусламі» і ДНС мы працуем ужо дастаткова доўга і ўдала. У нас агульныя каштоўнасьці і мэты, а таксама мэтады іх дасягненьня, якія мы расьпісалі ў сумесным маніфэсьце. Офіс Ціханоўскай і НАУ вырашылі не супрацоўнічаць з намі афіцыйна. Мы паважаем іх выбар і цэнім уклад у дыпляматычныя адносіны беларускай апазыцыі з краінамі ўсяго сьвету, але вырашылі, што для разьвязаньня крызісу ўнутры Беларусі неабходныя яшчэ два крокі, тыя, якія мы выклалі ў нашым пляне Перамогі яшчэ ў красавіку 2021 году (момант X і бестэрміновы пратэст. — РС).

У нас ёсьць маніфэст, дзе мы расьпісалі нашыя каштоўнасьці і мэты: захаваньне незалежнасьці, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Беларусі. Зьвяржэньне рэжыму Лукашэнкі. Стабілізацыя Беларусі ў пераходны пэрыяд, вяртаньне да дэмакратычных прынцыпаў кіраваньня і законнасьці.

«Нашыя кібэрбомбачкі будуць актываваныя ў момант Х»

— Што вы адкажаце тым, хто лічыць, што вашая дзейнасьць немагчымая без дапамогі замежных спэцслужбаў?

— Асацыяваць нас з замежнымі спэцслужбамі — гэта спробы КДБістаў, МУС і ААЦ апраўдаць перад узурпатарам свой правал у барацьбе з намі. Прызнавацца, што рэжым прайграе кібэрвайну сваім жа IT-шнікам, яны сапраўды ня стануць. Адзіны варыянт для іх — зваліць усё на мітычныя спэцслужбы.

Калі б сурʼёзныя спэцслужбы ўзяліся за Беларусь, то МУС быў бы ўзламаны ўжо ў верасьні разам з КДБ, ААЦ і шэрагам іншых дзяржаўных ведамстваў, банкаў і іншым. Мы працуем акуратна і не сьпяшаючыся, робім памылкі і вучымся на хаду. Здаецца, гэта нехарактэрна для спэцслужбаў. Мы ніколі не супрацоўнічалі са спэцслужбамі ні зь беларускімі, ні зь любымі іншымі.

— Калі вы ўжо ўзламалі базы дадзеных МУС, то што будзе далей?

— МУС — гэта толькі пачатак, дый у самым МУС яшчэ шмат чаго цікавага засталося знайсьці і спампаваць.

У нашых руках ужо вельмі шмат інфармацыі, і мы пачынаем пераключацца з выведных апэрацый больш на дывэрсійныя. Мы хочам прымусіць рэжым плаціць рублём за ўсё, што ён творыць супраць беларускага народу. Перад наступным народным выхадам мы спадзяёмся выматаць рэжым, дэмаралізаваць «слабавікоў» і закласьці ўсюды нашыя кібэрбомбачкі, якія будуць актываваныя ў момант Х.

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Пожалуйста, введите ваш комментарий!
пожалуйста, введите ваше имя здесь