«Мы ведаем, чаго вартая свабода і які цяжкі шлях да яе, але вы яго пройдзеце»

0
9

«Мы ведаем, чаго вартая свабода і які цяжкі шлях да яе, але вы яго пройдзеце»0

Моцная хваля салідарнасці з беларусамі, якія прагнуць перамен, прайшла па свеце.

Падзеі апошняга тыдня можна было ўявіць хіба ў вострасюжэтным блокбастары, але ніяк не ў Беларусі. За нейкія пару дзён беларускія ўлады сталі пагрозай для міжнароднай бяспекі і пераўтварылі краіну ў дзяржаву-ізгой для цывілізаванага свету. У той жа час гэта стала штуршком для моцнай хвалі салідарнасці з беларусамі, якія прагнуць перамен, у свеце, піша «Новы час».

Асабліва цёплую падтрымку дэмакратычнай супольнасці Беларусі выказала Латвія, што, у сваю чаргу, выклікала ўзаемную высылку паслоў і ледзь не замарозку дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі.

І хоць дыпламатычнага спынення адносін пакуль няма, бо ў абедзвюх краін ёсць консульствы, можа стацца, што нармалізацыі стасункаў паміж дзяржавамі давядзецца чакаць даволі доўга.

У тое, што адбываецца ў суседняй краіне ў цэнтры Еўропы, латышам паверыць цяжка. Сапраўды выбухны эфект у Латвіі, дый ва ўсім свеце, стварыла прымусовая, з выкарыстаннем знішчальніка, пасадка самалёта Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню, і захоп беларускага журналіста Рамана Пратасевіча ды яго дзяўчыны Соф’і Сапега.

У адказ на дзеянні беларускіх уладаў латвійскі ўрад устанавіў абмежаванні на авіязносіны з Беларуссю. А 24 траўня ў Рызе каля гасцініцы Radisson Blu Hotel Latvija, дзе пражываюць дэлегацыі краін-удзельніц Чэмпіянату свету па хакеі, лукашэнкаўскі сцяг быў заменены на бел-чырвона-белы. Замену сцяга каля гасцініцы асабіста правялі міністр замежных спраў Латвіі Эдгар Рынкевічс і старшыня Рыжскай думы Марціньш Стакіс. Пазней у інтэрв’ю мэр Рыгі заявіў, што «ў гэтай сітуацыі няма пратакола, кожны павінен выбраць свой бок — народ, які прагне свабоды, ці крывавы і некантраляваны дыктатар. Я свой выбар зрабіў».

Па яго словах, маўчаць і атрымліваць задавальненне ад чэмпіянату свету па хакеі, які ў гэтыя дні праходзіў у Рызе, у гэтай сітуацыі было непрымальна. Мяняючы сцяг, Мартыньш Стакіс разумеў, што гэта пацягне за сабой скандал і негатыўныя ацэнкі (што ў выніку і адбылося: у адказ Беларусь выслала з краіны латвійскіх дыпламатаў, а Латвія — беларускіх). Больш за тое, з прапанаваных кіраўніком Міжнароднай хакейнай федэрацыі Рэнэ Фазелем варыянтаў зняць альбо бел-чырвона-белы сццяг, альбо сцягі Федэрацыі, Стакіс выбраў другі варыянт. Ён гэта патлумачыў тым, што палітыкі павінны найперш абараняць людзей і свабоду.

ЧИТАТЬ ТАКЖЕ:  Как чемпионка мира ходила на Марши протеста

У сваю чаргу прэзідэнт Латвіі Эгліс Левітс назваў замену сцяга Беларусі на чэмпіянаце свету ў Рызе адэкватнай палітычнай рэакцыяй і сігналам аб тым, што Латвія не прызнае рэжым, які пануе ў Беларусі.

Як выглядае сітуацыя ў Беларусі з боку Латвіі і чаго чакаць ад беларуска-латвійскіх адносін у будучыні, разважае Эліта Вейдэмане — намесніца галоўнага рэдактара штодзённай газеты «Neatkarīgā Rīta Avīze», журналістка, пісьменніца. Напрыканцы 1980-х — пачатку 1990-х узначальвала газету Латвійскага Народнага Фронту «Atmoda».

— Мяне гэта (замена сцяга) уразіла, паколькі Рынкевічс — дыпламат. Гэта мужны крок, хаця не ўсе нават у Латвіі яго ўхваляюць, маўляў, гэта недыпламатычна. Хтосьці казаў, што гэта «дзяржаўны» сцяг, і беларусы самі павінны былі яго зняць. Але мы падтрымліваем беларусаў з іх гістарычным сцягам. І я нават не магу ўявіць, што нехта можа яго не падтрымліваць.

У змаганні за перамены беларусаў падтрымліваюць многія латышы, але Эліта Вейдэмане зазначае, што дагэтуль яны атрымліваюць няшмат інфармацыі пра падзеі ў Беларусі. Шмат хто чуў пра нашыя паслявыбарчыя пратэсты, якія паказвалі ў навінах, але калі яны сціхлі, большая частка латышоў вырашыла, што ўсё скончылася, і Беларусь па-ранейшаму жыве сваім ціхім жыццём закансерваванай у савецкім часе рэспублікі. Але выпадак з самалётам дапамог расплюшчыць вочы на сітуацыю ў Беларусі не толькі латышскім грамадзянам і чыноўнікам, але і еўрапейскім.

ЧИТАТЬ ТАКЖЕ:  У Беластоку адбылася акцыя «Акунусь за Беларусь!»

— Здарэнне з самалётам — гэта было нешта такое, што немагчыма ўявіць. Людзі вельмі перажывалі і думалі, што гэта такое? Бо гэта — паветранае пірацтва, так дзейнічаюць толькі бандыты, — гаворыць журналістка.

Аднак якой бы ні была рэакцыя на скандальны інцыдэнт міжнароднай супольнасці, па яе словах, дапамагчы беларусам найперш могуць толькі самі беларусы. Для гэтага, на думку Эліты Вейдэмане, нам трэба больш распавядаць пра сябе, шукаць магчымасці размаўляць з журналістамі, рабіць рэпартажы, распаўсюджваць іх у медыя. Іншага спосабу распавесці пра нашы праблемы свету няма.

— На мой погляд, людзі самі знойдуць дарогу адно да аднаго: гэта бізнесоўцы, якія захочуць супрацоўнічаць, гэта людзі мастацтва, літаратуры, навукі, якія вельмі добра ведаюць мову сяброўства і ўзаемаразумення. Мы ж суседзі! — мяркуе Эліта Вейдэмане.

У сваю чаргу, Беата Лівданска, даследчыцы Цэнтра даследаванняў усходнееўрапейскай палітыкі, заявіла ў эфіры Латвійскага радыё, што замена сцягоў сведчыць пра салідарнасць з народам Беларусі.

— Сітуацыя вельмі хісткая, і цяжка сказаць, што паўплывае на Лукашэнку. Калі разважаць лагічна, санкцыі могуць змяніць сітуацыю, але ён плюе на ўсё. Але мы спадзяемся, што вы будзеце змагацца з гэтым усім, — дадае суразмоўца Эліта Вейдэмане.

Журналістка зазначае, што цяпер неабходна абмяркоўваць тэму дапамогі беларусам з дэпутатамі ў латвійскім Сейме.

— Наш народ некалі прайшоў свой шлях да незалежнасці, і мы ведаем, чаго гэта каштавала. І — так: мы суседзі, блізкія суседзі, у нас нават падобныя святы: Купальская ноч і наша Jāņu nakts. Вы — беларусы, мы — балты. У нас чырвона-бела-чырвоны сцяг, у вас — бела-чырвона-белы. Памятайце, што Латвія вас падтрымлівае. Мы ведаем, чаго вартая свабода і які цяжкі шлях да яе. Але вы яго пройдзеце. Я ведаю. Вы пераможаце ўсё роўна.

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Пожалуйста, введите ваш комментарий!
пожалуйста, введите ваше имя здесь